Філіял «Галерэя мастацтваў ім. У. С. Садзіна» дзяржаўнай установы «Слуцкі краязнаўчы музей»

Падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу работнікаў вёскі «Дажынкі-2005». У кастрычніку 2005 года ў Слуцку быў адкрыты філіял Слуцкага краязнаўчага музея «Галерэя мастацтваў». У снежні 2013 года філіялу Слуцкага краязнаўчага музея «Галерэі мастацтваў» прысвоена імя Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна.

Уладзімір Сцяпанавіч Садзін (1924-2010) — прафесійны мастак і педагог, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Заслужаны работнік культуры БССР, выдатнік народнай адукацыі, Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна. У. С. Садзін — заснавальнік і кіраўнік выяўленчай студзі ў гарадскім Доме піянераў і школьнікаў, куды прыходзілі займацца і развіваць творчыя здольнасці падрастаючае пакаленне. У выніку з'явілася цэлая плеяда таленавітых вучняў, сучасных знакамітых беларускіх мастакоў: Уладзімір і Міхаіл Басалыга, Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір Цэслер, Аляксандр Рубец, Уладзімір Голуб, Вячаслаў дубінка, Уладзімір Акулаў, Уладзімір Суздальцаў, Мікалай Карзаў і многія іншыя.

Слуцкая зямля падарыла сучаснаму выяўленчаму мастацтву шмат таленавітых мастакоў, якія праславілі сваю краіну: М. І. Валынец, І. М. Пратасеня, браты Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, Г. С. Скрыпнічэнка, У. Я. Цэслер, А. М. Рубец, У. П. Голуб, У. М. Вішнеўскі, У. І. Вітко, Н. Г. Бранавец, У. І. Акулаў і многія іншыя. Калекцыя твораў краязнаўчага музея папаўнялася, паўстала пытанне аб з'яўленні новай выставачнай плошчы.

Двухпавярховы будынак галерэі мастацтваў размясціўся ў цэнтры горада, мае пяць выставачных залаў са зменнай экспазіцыяй. На працягу года ў галерэі мастацтваў праходзіць да 20 выставачных праектаў рознай накіраванасці: персанальныя выставы сучасных беларускіх мастакоў, выставы калекцыі жывапісу і графікі з фондаў Слуцкага краязнаўчага музея і выставы народных умельцаў Случчыны, выставы, прадастаўленыя пасольствамі Японіі, Кітая, Ірана, Ізраіля, Расіі для азнаямлення з культурай і традыцыямі гэтых краін. Дэманструюцца такія напрамкі, як жывапіс і графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, іканапіс, фатаграфія, народныя промыслы.

Зроблена нямала творчай працы, у плане знаёмства слутчан і гасцей краю з дасягненнямі ў галіне сучаснага мастацтва Беларусі. Многія майстры беларускага выяўленчага мастацтва выставілі свае творы ў галерэі мастацтваў. Сярод іх Мастакі, ураджэнцы Случчыны: жывапісец Мікалай Валынец, акварэліст Іван Пратасеня, графік Уладзімір Садзін, жывапісцы Аляксандр Рубец, Уладзімір Вітко, Уладзімір Голуб, Уладзімір Хадаровіч, Уладзімір Акулаў. Такія знакамітыя сучасныя беларускія мастакі як лаўрэат Дзяржаўнай прэміі мастак-пейзажыст Валерый Шкаруба, графікі Наталля і Кацярына Паплаўскія, жывапісец Іван Стасевіч, Мастакі-жывапісцы Ігар і Алена Бархатковы, жывапісцы Рыгор і Марыя Таболіч, жывапісец Леанід Гоманаў, Анатоль Концуб, скульптар Эдуард Астаф'еў, графікі Уладзімір Шаркоў і Сяргей Пыжыкаў, і многія іншыя выстаўлялі свае працы ў Слуцку.

У галерэі мастацтваў ім. У. С. Садзіна адбываюцца творчыя сустрэчы з мастакамі, майстар-класы, мерапрыемствы, прымеркаваныя да памятных дат нашай гісторыі, праводзяцца экскурсіі, чытаюцца лекцыі.

Супрацоўніцтва і сумесныя выставачныя праекты з вядучымі музеямі Беларусі, такімі як Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, «Замкавы комплекс «Мір», Мінскі абласны краязнаўчы музей і Беларускай Праваслаўнай Царквой прыўносяць у дзейнасць галерэі мастацтваў новыя формы работы і знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй Случчыны.

Таксама ў філіяле «Галерэя мастацтваў ім. У. С. Садзіна» праводзіцца цыкл музейна-педагагічных мерапрыемстваў па выяўленчаму мастацтву — «Поры года» і «Яе вялікасць — жывапіс». Навучэнцы гарадскіх школ 1-5-х класаў знаёмяцца з жанрам пейзажу і творчасцю слуцкіх мастакоў. У ходзе заняткаў пашыраюцца ўяўленні дзяцей пра жывапіс, як пра адзін з відаў выяўленчага мастацтва, яе жанрах. Дзеці знаёмяцца з тэхнічнымі матэрыяламі Мастака, з дапамогай якіх ствараюцца карціны. Дадзеныя мерапрыемствы праходзяць у інтэрактыўнай форме: праводзяцца розныя конкурсы, чытаюцца вершы пра пару года. Дзеці адгадваюць загадкі і малююць на зададзеную тэматыку.

У апошнія гады расце попыт на творы мастацтва, гэта духоўны складнік нашага жыцця. Вядома ж, у галерэі мастацтваў жыхары Случчыны могуць развіваць свой эстэтычны густ, ўзбагаціць сваё духоўнае жыццё і дакрануцца да свету прафесійнага мастацтва.